Упершыню выстаўка «Наш дом» адбылася ў беларускай сталіцы ў 2022 годзе, і пілотны праект аказаўся паспяховым, адзначыла начальнік упраўлення выставак і кірмашоў РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр БелЭкспа» Вольга Красоўская. Удзел у ёй тады ўзялі 111 экспанентаў, выстаўку наведала больш за 5 тысяч чалавек.
Драйвер развіцця тэрыторый
— Міжнародная спецыялізаваная выстава «Наш дом» аб’ядноўвае ўсе сферы жыллёва-камунальнай і гарадской гаспадаркі і з’яўляецца цэнтральнай падзеяй галіны, — падкрэсліла прадстаўнік «БелЭкспа». — Праект не толькі прыцягвае ўвагу вядучых вытворцаў, прадпрыемстваў, якія працуюць у галіне добраўпарадкавання, прафесіяналаў сферы ЖКГ, але і служыць месцам для выбудоўвання цеснага дыялогу са спажыўцом гэтых паслуг.
Сёлета свае распрацоўкі, паслугі і тавары прадставяць таксама звыш сотні прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай сферы з нашай краіны і суседняй Расійскай Федэрацыі. Агульная экспазіцыйная выставачная плошча ўнутры павільёна і пад адкрытым небам складзе 4 тысячы кв. м. Асаблівую ўвагу арганізатары ўдзялілі вулічнай экспазіцыі. Будзе прадстаўлена камунальная тэхніка, прызначаная для добраўпарадкавання гарадоў, навясное абсталяванне для яе, малыя архітэктурныя формы, тавары для добраўпарадкавання і азелянення прыдамавых тэрыторый і дачных участкаў. Кампаніі-ўдзельнікі прадэманструюць свае распрацоўкі, падзеляцца вопытам укаранення іх у працэсы капітальнага рамонту, добраўпарадкавання, аказання жыллёва-камунальных паслуг, абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі.
— Арганізатары падрыхтавалі спецыяльныя прызы пераможцам у трох намінацыях, — распавяла Вольга Красоўская. — Яны будуць вызначаны праз апытанне-галасаванне, па выніках якога тры прадпрыемствы атрымаюць спецыяльныя ўзнагароды.
Прафесіяналаў жыллёва-камунальнай сферы чакае насычаная дзелавая праграма. Яна ўключае навукова-практычныя канферэнцыі і семінары, прэзентацыі і рабочыя сустрэчы. У цэнтры ўвагі — інавацыі ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добрасуседства як драйвер развіцця тэрыторый, павышэнне камунальнай адукаванасці насельніцтва ў рамках рэалізацыі праекта «Школа ЖКГ», абнаўленне сістэм падрыхтоўкі кадраў пад запыты рэальнага сектара эканомікі.
Шырокі шэраг дзелавых мерапрыемстваў пройдзе ў фармаце круглых сталоў. Так, у дзень адкрыцця выстаўкі адбудзецца круглы стол, прысвечаны шляхам эфектыўнага ўзаемадзеяння органаў ЖКГ і насельніцтва.
А 19 верасня эксперты ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі правядуць круглы стол «Павышэнне эфектыўнасці работы галіны праз падрыхтоўку кадраў» і яшчэ адно важнае дзелавое мерапрыемства — «Устойлівае кіраванне адходамі: актуальныя выклікі, паспяховыя практыкі і інструменты». У цэлым, эксперты абмяркуюць розныя аспекты і перспектыўныя кірункі развіцця галіны, у тым ліку ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы, лічбавую трансфармацыю і аўтаматызацыю працэсаў кіравання гарадской гаспадаркай. Адбудуцца майстар-класы па прымяненні найноўшых распрацовак у сферы ЖКГ і інжынернага абсталявання. Будзе арганізаваны прамы дыялог з прадстаўнікамі выканаўчай улады, Міністэрства ЖКГ, іншых ведамстваў. Спецыяліст нагадала: выстаўка «Наш дом» разгорне сваю экспазіцыю на Пераможцаў, 14 у павільёне «БелЭкспа». Першыя два дні выстава будзе працаваць з 10.00 да 18.00, а 20 верасня — з 10.00 да 16.00. Уваход вольны пасля рэгістрацыі на сайце мерапрыемства ці непасрэдна пры ўваходзе — там будуць устаноўлены тэрміналы.
Цана, якасць і даступнасць
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Наш дом» арганізавана Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі сумесна з Нацыянальным выставачным цэнтрам «БелЭкспа». Яна вызначыць кірункі рэалізацыі найважнейшых задач, якія стаяць перад галіной, падкрэсліў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка. На гэта і накіравана шырокая дзелавая праграма, якую, акрамя экспазіцыйнай часткі, прадугледжвае маштабны спецыялізаваны форум.
— Рыхтуемся абмеркаваць шэраг актуальных для галіны пытанняў. Гэта і лічбавізацыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі з акцэнтам на лічбавізацыю сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення. Гэта, вядома, і пытанні рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў у частцы добраўпарадкавання гарадскога асяроддзя і прыдамавых тэрыторый, — звярнуў увагу намеснік міністра. — Дарэчы, для ўдзелу ў круглым стале па дадзеным пытанні чакаем шырокую дэлегацыю з многіх рэгіёнаў Расіі. Не застануцца ўбаку і пытанні кадравага забеспячэння галіны. Прадугледжана таксама секцыя па цвёрдых камунальных адходах, у рамках якой плануем знайсці канкрэтныя падыходы па рацыянальнай перапрацоўцы цвёрдых адходаў, іх уключэнні ў вытворчасць другасных матэрыяльных рэсурсаў. Дарэчы, адной з цікавых актыўнасцяў цяперашняй выстаўкі стане магчымасць абмяняць старыя рэчы — пластык, бытавыя і электратавары, якія страцілі спажывецкія якасці, — на памятныя сувеніры і прыемныя падарункі.
І, галоўнае, сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў рабоце з насельніцтвам павінна перайсці ад узаемаадносін, заснаваных на зваротах і скаргах, да адносін па прынцыпе «пастаўшчык — спажывец паслуг», у аснове якіх будуць ляжаць суадносіны цаны і якасці паслуг пры роўнай іх даступнасці, падкрэсліў Андрэй Рамашка.
— Для вырашэння ўсіх гэтых пытанняў неабходна штодзень нарошчваць аб’ёмы выкананых работ па рамонце вулічна-дарожнай сеткі, развіваць будаўніцтва сетак водазабеспячэння і водаадвядзення ў сельскіх населеных пунктах і аграгарадках, зніжаць бюджэтную нагрузку на субсідзіраванне цеплавой энергіі шляхам рэканструкцыі неэфектыўных кацельняў, забяспечыць будаўніцтва не менш за 70 ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод, — адзначыў ён.